30.08.2012 13:00

 

Карына ЁЖЫКАВА: "Калі мяне моцна зачапіць, магу і ўкалоць"

Яна гуляе за самы вядомы гандбольны клуб краіны, а падчас апошняга чэмпіянату Беларусі была прызнана лепшым бамбардзірам. У свае 22 гады спартсменка паспела пагуляць за Расію, сысці з вялікага спорту, зноў вярнуцца... і зайграць яшчэ лепш. Менавіта гэтай гандбалістцы прадказваюць хуткае лідарства ў нацыянальнай жаночай зборнай. Як не апусціць рукі, калі ўрачы ставяць крыж на спартыўнай кар'еры? Чаму балалайка не вельмі адрозніваецца ад гітарыі ў чым праблемы айчыннага гандбола? Пра гэта "Чырвонцы" распавяла гулец клуба "БНТУ-БелАЗ" Карына ЁЖЫКАВА.

— Раскажы, калі ласка, як ты трапіла ў гандбол?

— У мяне вельмі спартыўная сям'я: мама — былая гандбалістка, цётка займаецца трэнерскай дзейнасцю ў Германіі, тата гуляе ў баскетбол у аматарскай лізе. Спачатку я шэсць гадоў займалася вялікім тэнісам. У пэўным узросце нават была першай ракеткай Магілёўскай вобласці. Але потым вынікі пайшлі на спад. Бацькі сумленна растлумачылі, што ў будучыні перспектыў у мяне няма. Вось я і вырашыла пераключыцца на гандбол. І не прагадала! Напэўна, гэта мой від спорту на генетычным узроўні. Ужо на першай трэніроўцы я забіла некалькі галоў. Хаця дзяўчынкі, з якімі я спаборнічала, займаліся гандболам некалькі месяцаў, а я толькі ўзяла ў рукі мяч. Увечары ў эйфарыі прыйшла дадому і сказала бацькам, што гандбол — гэта маё.

Потым з роднага Бабруйска перабралася ў Мінск, паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Усё было добра, але тут мае поспехі ніхто не заўважаў. А вось расійскія трэнеры мною зацікавіліся і запрасілі да сябе.

— Як атрымалася, што ты вярнулася ў Мінск?

— У 2009 годзе ў мяне выявілі праблемы з сэрцам. Расійскія ўрачы адразу вынеслі вердыкт: на гэтым са спортам скончана. Безумоўна, для мяне гэта быў шок. У 19 гадоў у многіх толькі пачынаецца спартыўная кар'ера, а на мне ўжо паставілі крыж. Ды і што рабіць, калі ты ўсё юнацтва прысвяціў гандболу і, па сутнасці, нічога іншага не ўмееш? Прыйшлося вучыцца жыць без любімай гульні. Я засталася ў Валгаградзе, пачала займацца вучобай, некаторы час працавала. Насамрэч, думала, што больш не вазьму ў рукі мяч. Але потым стан здароўя стаў паляпшацца, і з'явіліся думкі пачаць нанава. Тым больш — бацькі мяне вельмі падтрымлівалі, асабліва тата прасіў, каб не здавалася.

Заставацца ў Расіі не было сэнсу. Там ніхто не будзе рызыкаваць і браць у каманду спартсмена, які некалі меў праблемы са здароўем. Нават калі зараз у цябе абсалютна "чыстая" медыцынская карта. Тады дапамагла мама. Яна папрасіла галоўнага трэнера БНТУ-БелАЗ узяць мяне ў каманду, і Канстанцін Рыгоравіч Шаравараў узяў на сябе адказнасць, даў мне шанц, за што яму вялікі дзякуй.

— Па правілах, пасля вяртання ў Беларусь ты тры гады не мела права выступаць за зборную. Вось-вось скончыцца "каранцін", і ты нарэшце зможаш сыграць за краіну. Чакаеш гэтага моманту?

— Несумненна. Шчыра кажучы, мне здавалася, што гэты тэрмін ніколі не закончыцца, але тры гады праляцелі вельмі хутка. Разумею, што новы сезон будзе асаблівым для мяне. Раней я ніколі не праводзіла афіцыйныя матчы за родную зборную, і мне вельмі хочацца паспрабаваць сябе на новым узроўні.

— Які настрой на кваліфікацыйныя матчы чэмпіянату свету-2013?

— Самы баявы. Я лічу, што нам пашанцавала з сапернікамі, і гэтым трэба скарыстацца. Асноўным канкурэнтам будзе зборная Польшчы. Думаю, нас чакаюць цікавыя і складаныя матчы з суседкамі. Каманды Італіі і Літвы крыху слабейшыя, але і з імі будзем змагацца на максімуме. Я не раз казала, што галоўнае — паверыць у сябе. Прыгадваю леташнія кваліфікацыйныя матчы чэмпіянату Еўропы. У вырашальнай сустрэчы з венгеркамі нашы дзяўчаты вялі ў ліку, але не дайгралі ў канцоўцы. Чаму саступілі? Напэўна не паверылі, што змогуць абыграць "топавую" каманду. Такога быць не павінна. Таму хочацца пажадаць сабе, гульцам зборнай, чэмпіянату, ды і ўсім спартсменам заўсёды верыць да апошняга, што ўсё магчыма, і ніколі не прымяншаць сваіх шанцаў на перамогу.

— Ты вядзеш блог на сайце газеты "Спартыўная панарама". Раскажы, калі ласка, пра гэты вопыт.

— Адзін з супрацоўнікаў выдання прапанаваў такую ідэю. Я доўга думала. На той момант на сайце свой блог вяла гімнастка Любоў Чаркашына. Я сачыла за яе запісамі, глядзела, пра што ўвогуле пішацца ў спартыўных дзённіках. Шчыра скажу, да апошняга сумнявалася, думала, што не змагу знаходзіць не пустыя, а актуальныя тэмы для разважанняў. Але па парадзе маці вырашыла ўсё ж такі паспрабаваць. Па першых публікацыях зразумела, што ёсць пэўны поспех. Людзі чытаюць, пакідаюць каментарыі, задаюць пытанні, просяць расказаць пра канкрэтныя рэчы. А калі водгук ёсць, працягваць пісаць далей вельмі прыемна.

— У адным з запісаў ты ўзняла тэму недастатковага фінансавання гандбола. На твой погляд, праблема дасягнула крытычнай адзнакі?

— Не, канца свету дакладна не прадбачыцца <І>(смяецца) . Я разумею, што наш від спорту ніколі не зраўняецца па папулярнасці з футболам ці хакеем і, адпаведна, не будзе фінансавацца ў такіх жа памерах. І гэта натуральна, бо такі расклад не толькі ў нас, але амаль ва ўсім свеце. Аднак нічога не рабіць для развіцця гандбола ў нашай краіне таксама няправільна. Лепшае выйсце — працягваць укладваць сродкі ў дзіцячую школу. Паглядзіце на нядаўні поспех нашых юнакоў 1994 года нараджэння, якія вельмі добра сыгралі на чэмпіянаце Еўропы. Так, гэта вельмі нялёгкі і доўгі шлях, але па-іншаму сітуацыю ніяк не змяніць. Можна набываць вядомых гульцоў у клубы, але легіянеры рана ці позна сыдуць, і з чым мы застанемся?

— Ці можна спадзявацца, што настане той час, калі гандбол у нашай краіне будзе збіраць сапраўдныя палкі балельшчыкаў?

— Я шчыра веру, што так і будзе. Многае залежыць ад нас, спартсменаў. Будзем паказваць годныя вынікі — цікавасць да гандбола абавязкова з'явіцца. Маленькімі крокамі, але мы паступова ідзём да гэтага. Узяць хоць бы поспех нашай мужчынскай зборнай, якая ўпершыню за 17 гадоў здабыла пуцёўкі на чэмпіянат свету. Вы б бачылі, колькі аматараў спорту сабралі нашы хлопцы на "Мінск-Арэне" ў вырашальным матчы са славакамі! Гэта было сапраўднае свята.

— Давай пагаворым пра цябе. Твае паклоннікі ў каментарыях да блога раскрылі тайну: аказваецца, ты іграеш на гітары, пішаш песні...

— Ёсць такое (усміхаецца). У свой час скончыла музычную школу. Хоць быў момант, калі я ледзь не кінула школу на парозе атрымання дыплома. Проста прыйшла дадому і сказала: больш не хачу, надакучыла! Тады бацькі пайшлі на такую хітрасць: патэлефанавалі майму выкладчыку, папярэдзілі, з якім настроем я прыйду на наступны занятак, і папрасілі паўплываць на маё рашэнне. Калі я сустрэлася са сваім педагогам, ён сказаў мне самыя страшныя словы, якімі мяне можна проста "забіць": "Так, Ёжыкава, я ад цябе такога не чакаў". Сказаць мне, што я здалася?! Тут я раззлавалася сама на сябе, вярнулася дадому і села рыхтавацца да экзаменаў. За два тыдні ўсё вывучыла і з горам папалам скончыла музычную школу.

Дагэтуль успамінаю некаторыя смешныя выпадкі са свайго музычнага жыцця. Напрыклад, неяк не хапала ў аркестры балалаечніка... І ўзялі мяне. Я, вядома, разумела, што гітара не вельмі адрозніваецца ад балалайкі: тут шэсць струн, а там — тры... Але хвалявалася, думала, што на фоне суладнага аркестра мая нязграбная ігра на балалайцы будзе вельмі чутная. І вось сяджу я на канцэрце, наярваю па струнах і разумею, што ўсе гукі зліваюцца ў адну мелодыю. Гэта было цудоўнае пачуццё.

Зараз я не прыгадаю музычныя творы, якія калісьці іграла, але гітара застаецца маёй вернай спадарожніцай па жыцці. З пятага класа пішу песні. Усе напарніцы па камандах заўсёды ведалі пра маё захапленне. Вельмі часта я прысвячала свае творы менавіта ім ды і проста блізкім сябрам.

— Прызнайся, ты такая ж, як і тваё прозвішча?

— Калючая?

— Так.

— Па натуры я не канфліктны чалавек. Калі бачу, што можна пазбегнуць сваркі, стараюся прамаўчаць, не падкідваць дровы ў агонь. Але, калі мяне моцна зачапіць, магу і ўкалоць. Аднак сама болю на баюся. Буду ляцець галавой аб паркет, але ўстану і працягну гуляць. Гэтым я ў бацьку. Неяк нават быў смешны выпадак. На трэніроўцы падвярнула нагу, патэлефанавала бацьку, а ён стаў з мяне кпіць, маўляў, што так толькі я магу. Назаўтра даведваюся, што тата сам атрымаў пашкоджанне. Але самае смешнае высветлілася, калі я прыйшла да свайго фізіятэрапеўта. Сяджу, а ён за справамі кажа: гэтаму костку ўпраўляў, таго лячыў, а ўчора яшчэ гэты Ёжыкаў з траўмай. Мяне ледзь не распірае смех. Урач пытаецца: "Чаго ўсміхаешся?". Адказваю: "Я Ёжыкава". "А-а-а, дык гэта ў вас сямейнае..."

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ. Газета "Звязда".